Памяці У. І. Нядзведскага прысвячаецца ...
Памяці У. І. Нядзведскага прысвячаецца ...
18 кастрычніка 2022 года ў сценах гімназіі адбылася традыцыйная літаратурная гасцёўня ў гонар памяці У.І.Нядзведскага, чыё імя носіць наша навучальная ўстанова з 2005 года.
Вядучыя мерапрыемства вучаніца 11 класа Вайцяхоўская Дар’я і вучань 10 класа Лышчанка Кірыл напомнілі ўсім асноўныя старонкі біяграфіі пісьменніка-земляка. Біяграфічныя звесткі пра творцу дапоўнілі вершы Уладзіслава Іосіфавіча ў выкананні навучэнцаў гімназіі: Крывеля Андрэя (9 клас), Высоцкай Аліны, Каховіча Ільі, Самусевіча Максіма, Хілько Станіслава і Таболіча Кірыла (11 клас). Гледачы асабліва цёпла ўспрынялі песню на словы У.Нядзведскага "А спаткання няма", якую вучань 8 класа Дзічкоўскі Максім сам паклаў на музыку.
Па добрай традыцыі, навучэнцы, якія праявілі сябе ў літаратурнай дзейнасці, былі ўзнагароджаны граматамі і салодкімі падарункамі. У дадзеным навучальным годзе граматай гімназіі былі адзначаны Жогаль Аліна, Клімкова Ксенія і Высоцкая Аліна (11 клас), а прэмія імя У.І.Нядзведскага была ўручана дзесяцікласніцы Хвесюк Міхайліне. Граматы і грашовую прэмію маладым літаратарам уручылі госці гімназіі. У гэтым годзе да нас завіталі: беларускі журналіст, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Гаспадыня» Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч, паэт, перакладчык, вядомы дзіцячы пісьменнік Васіль Аляксеевіч Жуковіч і наш зямляк,педагог, паэт, краязнавец Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч.
Пазнаёміцца бліжэй з гасцямі пашанцавала вучням пачатковых класаў, а таксама 5му і 6му класам. Ва ўтульнай актавай зале Васіль Аляксеевіч Жуковіч пакінуў пачаткоўцам на памяць свае кнігі з аўтографамі, пачытаў свае вершы. Вучні пятых і шостых класаў з цікавасцю слухалі аповеды Зіновія Прыгодзіча і Сцяпана Нефідовіча пра творчую працу пісьменніка, а пасля змаглі задаць свае пытанні літаратарам.
Вялікую ўдзячнасць усім гасцям за праяўленую ўвагу да мерапрыемства выказаў дырэктар гімназіі С.П.Высоцкі. Хвілінай маўчання вучні і настаўнікі гімназіі ўшанавалі памяць Людмілы Васільеўны Несцяровіч (бібліятэчнага дзеяча з Мінска), якая, на жаль, год таму пайшла з жыцця.
Пад канец сустрэчы прагучала аўтарская песня ад Хвесюк Міхайліны “Сімвал міру” ў выкананні самой аўтаркі.
Такія творчыя сустрэчы даюць магчымасць пачуць мілагучную родную мову з вуснаў вядомых беларускіх пісьменнікаў сучаснасці. Цёплая сустрэча ў сценах навучальнай установы кранула і ўсхвалявала ўсіх. Акрамя таго, у прысутных была магчымасць набыць зборнікі літаратурных твораў, што прывезлі з сабой госці, а таксама ўзяць на памяць аўтографы ў мастакоў слова.
Пачэсная справа ўшанавання памяці пісьменніка-земляка У. Нядзведскага будзе працягвацца і далей, бо без мінулага не будзе будучыні. На памяць пра вечарыну засталіся не толькі ўражанні, але і сумесныя фатаграфіі з удзельнікамі сустрэчы.