Гадзіна паэзіі

Гадзіна паэзіі

21 лістапада 2023 года ў Мікашэвічскай гарадской бібліятэцы прайшла гадзіна паэзіі “Гарчынка песні недапетай”, прысвечанная 75-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы, перакладчыцы Яўгеніі Янішчыц.

“Летутенніца на скразняках эпохі”, “самая яркая беларуская паэтеса”, “непрыручаная птушка Палесся” – такой засталася яна для тых, хто ведаў яе пры жыцці, і для тых, хто пазнаёміўся з яе творчасцю праз яе кнігі. Нарадзілася Яўгенія Іосіфаўна ў весцы Рудка Пінскага раёна. Скончыла школу ў вёсцы Парэчча, потым філалагічны факультэт БДУ. Паэтычная спадчына Яўгеніі Янішчыц — адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Яе паэтычны дар немагчыма было не заўважыць. Пра яе талент з вялікай павагай і любоўю гаварылі Іван Мележ, Максім Танк, Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Янка Брыль, Ніл Гілевіч і многія іншыя вядомыя літаратары .

Удзельнікі мерапрыемства, а гэта былі члены клуба “Вдохновение” і вучні 10 “Б” класса сярэдняй школы №2 пад класным кіраўніцтвам Краўчук Марыны Віктараўны, праслухалі невялічкую відеазамалёўку пра жыццё і творчасць вядомай паэтэсы. Затым гучалі вершы Яўгеніі Янішчыц. Вершы былі на розныя тэмы, да якіх звярталася ў сваёй творчасці паэтэса: прырода роднага краю, любоў да радзімы, да маці, да аднавяскоўцаў. Не магла Яўгенія Янішчыц ў сваёй творчасці абмінуць і тэму кахання, якой было прысвечана многа твораў. У канцы мерапрыемства праслухалі некалькі музычных кампазіцый, напісаных на вершы паэтэсы ў выкананні вядомых беларускіх спевакоў.

Да мерапрыемства бібліятэкары аформілі кніжную выставу “Паэзія любові і святла”, на якой была прадстаўлена творчая спадчына знакамітай паэткі.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий. Сообщения могут оставлять зарегистрированные пользователи сайта или просто отправьте свой комментарий через вкладки социальных сетей.