Экскурсія ў гарадскую бібліятэку

Экскурсія ў гарадскую бібліятэку

У Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы правялі літаратурную кампазіцыю «На алтар любові і кахання», прысвечаную 90-годдзю  народнага паэта Беларусі, перакладчыка, празаіка, драматурга, літаратуразнаўцы Ніла Сымонавіча Гілевіча.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 10 «Б» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г.Мікашэвічы» разам з класным кіраўніком Федаровіч Яўгеніяй Сяргееўнай. Вядучая — бібліятэкар чытальнай залы Марыя Хатынюк — пазнаёміла прысутных з жыццёвым і творчым шляхам Ніла Гілевіча, больш падрабязна спыніўшыся на любоўнай лірыцы паэта. Але любоў — гэта не толькі любоў да жанчыны. Гэта і любоў да маці, любоў да Беларусі, да таго кутка, дзе нарадзіўся. Каханне — гэта храм душы  Гілевіча-паэта. Любоў — каханне да Радзімы як бы падсвечваецца і правяраецца пачуццём кахання да жанчыны. Усё жыццё разам з паэтам была яго спадарожніца і муза — жонка Ніна Іванаўна, якой ён прысвяціў шмат вершаў, а пасля таго, як яна пайшла з жыцця, у яе памяць выйшлі зборнікі паэзіі.

Вялікую цікавасць у прысутных выклікаў расповед вядучай аб тым, што Ніл Сымонавіч наведваў Мікашэвічы. У 2006 годзе ён праводзіў творчую сустрэчу ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.Нядзведскага. З цікавасцю ўдзельнікі мерапрыемства паглядзелі відэасюжэт з архіваў установы адукацыі з той памятнай сустрэчы, дзе Ніл Гілевіч не толькі чытае свае вершы, але і расказвае пра сваё знаёмства і сяброўства з Уладзіславам Нядзведскім.

На працягу мерапрыемства гучалі песні на словы паэта, вершы ў выкананні вядучай і удзельнікаў, адбыўся агляд кніжнай выставы.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий. Сообщения могут оставлять зарегистрированные пользователи сайта или просто отправьте свой комментарий через вкладки социальных сетей.