Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў ДУА "Сярэдняя школа №2 г.Мiкашэвiчы" школе заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, які прайшоў з 20 па 25 лютага пад дэвізам “Мова родная – мова модная».
Пачаўся тыдзень з адкрыцця цудоўнай і маляўнічай фотазоны “Тыдзень роднай мовы”, дзе ўсе жадаючыя маглі сфатаграфавацца. А ў бібліятэцы была арганізавана выстава беларускіх кніг “Чытаем на роднай мове”.
На другі дзень тыдня ў фае была арганізавана акцыя “Смак беларускай мовы”, дзе вучні маглі папоўніць свой лексічны запас слоў беларускай мовы.
Літаратурная вечарына, прысвечаная нашым вядомым паэтам Янку Купалу і Якубу Коласу “Нам засталася спадчына” (Федаровіч Я. С.), запомнілася яркімі выступленнямі вучняў 6-11 класаў, якія чыталі неўміручыя радкі песняроў.
На трэці дзень пачаўся конкурс-выстава “Нацыянальны беларускі касцюм”, дзе на працягу некалькіх дзён дэманстраваліся прыгожыя і самабытныя касцюмы. У конкурсе прынялі ўдзел не толькі вучні, але і іх бацькі.
У гэты ж для вучняў 6 класаў была праведзена займальная інтэрактыўная гульня “Знаўцы беларускай мовы” (Стрэмаус Г. У.), дзе вучні з захапленнем і запалам разгадвалі рэбусы, шарады, анаграмы. Падчас гульні даведаліся шмат цікавых звестак пра родную мову. У напружанай барацьбе перамагла каманда 6 “Б” класа “Званочак”.
Многа добрых і захапляльных эмоцый атрымалі гледачы ў чацвер на пастаноўцы камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” (Краўчук М. В.), якую падрыхтавалі вучні 9 і 11 класаў. Юныя акцёры таленавіта і па-майстэрску ігралі свае ролі, чым выклікалі задавальненне ўсіх прысутных у зале.
У гэты ж дзень для вучняў 8 класа адбылася цікавая гульня-падарожжа “Чаго на свеце не бывае”(Кухарава І. К.), а на трэцім паверсе была арганізавана выстава-конкурс малюнкаў “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечаная нашай роднай зямлі. У конкурсе перамогу атрымалі: 1 месца - Мазырчук К.(6 “А” кл.),2 месца - Лашчанка В.(9 “А” кл.) і 3 месца - Крывулец В. (6 “А” кл.).
Запомніліся гледачам вясёлыя і яркія “Вячоркі ў Паўлінкі”. Вучні 11 класа спявалі, танцавалі, жартавалі.
Закончыўся тыдзень праведзеннем цудоўнага народнага абраду “Масленіца” (Кухарава І.К.). Гледачы даведаліся многа цікавага пра гэта свята, пачулі народныя песні і ўбачылі беларускія танцы.
Але асабліва запомніўся вучням каларытны гастранамічны фэст, на якім былі прадстаўлены розныя смачныя масленічныя стравы, прыгожа і з фантазіяй аформлены святочныя сталы.
Перамогу ў гастранамічным фэсце атрымалі 7 “Б” клас, 5 “А” клас і 11 “Б” клас.
А напрыканцы былі адзначаны самыя актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў тыдня: 11 “А”, 11 “Б”, 9 “Б”, 9 “В”, 8 “А”, 8 “Б” , 8 “В” і 6 “В” класы, узнагароджаны пераможцы конкурса нацыянальных касцюмаў – 1 месца Шэўчык Л. (11 “А” кл.), 2 месца Харытановіч Э. (6 “В” кл.) і 3 месца Драгун В. (9 “А” кл.) і пераможцы гастранамічнага фэсту.
Подробнее...