Вернутыя імёны
Некаторыя ўраджэнцы Лунінеччыны былі гвалтоўна рэпрэсіраваны яшчэ да ўваходжання Заходняй Беларусі ў СССР — частка з іх з 20-ых гадоў жылі ў Савецкім Саюзе, служылі ў Чырвонай Арміі, а шмат хто перайшоў цераз мяжу ў БССР у пошуках лепшай долі. Аднак замест заможнага жыцця пры калгасным ладзе яны марнаваліся ў лагерах вядомага цяпер ГУЛАГа. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у верасні 1939 г. сталі больш масавымі рэпрэсіі, якія пачаліся неўзабаве. Амаль адразу ж былі арыштаваны буйныя польскія чыноўнікі, памешчыкі, уладальнікі прадпрыемстваў, афіцэры, палітычныя дзеячы. У лютым 1940 г. пад прымусам былі вывезены разам з сем'ямі ў Сібір мясцовыя чыноўнікі, асаднікі, служачыя лясной аховы. Праз два месяцы такі ж лёс напаткаў сем'і "кулакоў". Летам 1940 г. былі высланы бежанцы з Польшчы, якія пасля нападу на яе Германіі ўцяклі ў Заходнюю Беларусь. Гэты тэрор працягваўся да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны.