Прыгажуням – лепшыя вясновыя кветкі!

Білеты на конкурс прыгажосці сярод працаўніц РУВП «Граніт», які прайшоў у канцы мінулага тыдня ў Мікашэвічах, былі раскуплены за тыдзень да пазначанай даты. Упэўнена, што іх уладальнікі не пашкадавалі аб выбары правядзення вольнага часу. А ўсё таму, што калектыў Палаца культуры пад кіраўніцтвам Людмілы Люст зрабіў мерапрыемства яркім, маляўнічым і запамінальным.

З канкурсанткамі гледачы змаглі пазнаёміцца «завочна», яшчэ перад пачаткам конкурсу. У фае ўстановы культуры быў размешчаны спецыяльны стэнд с фотаздымкамі і неабходнай інфармацыяй.

Яшчэ адзін сюрпрыз – у выглядзе двух вялікіх плазменных экранаў – чакаў у глядзельнай зале. На іх паказвалі ўсё, што адбывалася на сцэне падчас конкурсу.

А пачаўся ён з традыцыйнай «візітоўкі». Праўда, гэты этап некалькі адрозніваўся ад звыклага для ўсіх аповяду аб сабе, дзякуючы таму, што маладыя жанчыны паспрабавалі данесці да гледачоў, якую важную ролю ў жыцці кожнай адыграла ўладкаванне на гранітаздабываючую вытворчасць. Вершы, тэатральныя мініяцюры і іншыя формы самавыяўлення, якія гараджанкі ўзялі за асновы выступленняў, дапоўнілі філасофскімі разважаннямі і лірычнай музыкай і надалі «візітоўкам» глыбокі сэнс.

Конкурс «На балі ў каралевы» акунуў усіх удзельнікаў мерапрыемства ў атмасферу XIX стагоддзя. Гледачы пазнаёміліся з адзеннем і аксесуарамі жанчын таго часу, а таксама – танцавальнай культурай. Канкурсанткі ж праявілі майстэрства мадэльераў, веды гісторыі і харэаграфіі. А яшчэ – прадэманстравалі добрыя манеры і вытанчанасць у розных танцах XIX стагоддзя.

Якая максімальная грузападымальнасць у аўтамабіляў «БелАЗ», выкарыстоўваемых на РУВП «Граніт»? Колькі падраздзяленняў задзейнічана ў тэхналагічным працэсе па выпуску шчэбеню? Як гучала першая назва прадпрыемства? На якім паштовым адрасе яно было зарэгістравана? На гэтыя і іншыя пытанні канкурсанткі трымалі адказ падчас інтэлектуальнага тура.

У дамашнім заданні «Гумарыстычны танец» канкурсанткі паўсталі перад гледачамі ў вобразах Людмілы Пракопаўны з кінафільма «Службовы раман», бабы Шуры – з лірычнай камедыі «Любоў і галубы», Мухі-Цакатухі – з аднайменнай казкі… Арыгінальная харэаграфія і ўбранні, папулярныя мелодыі зрабілі сваю справу – дружныя  апладысменты гледачоў гучалі на працягу ўсіх выступленняў!

Мастацкімі творамі можна па праву назваць дэсерты, прадстаўленыя на суд журы ў «Кулінарным паядынку». А завяршылася конкурсная праграма «Міс «Граніт»-2017» дэфіле ў вячэрніх сукенках.

Журы давялося няпроста: кожная з удзельніц выступала бездакорна і была годная перамогі. Менавіта таму доўга не маглі агучыць канчатковае рашэнне. Зрэшты, гледачы не сумавалі: паўзу запоўнілі вакальныя нумары ў выкананні Ксеніі Калошыц, Рамана Даніловіча, Ільі Капліча і Маргарыты Вакульчык. А вядучыя Алёна Рупічава і Сяргей Ярмалінскі падтрымлівалі добры настрой дасціпнымі жартамі і конкурсамі.

За цудоўнае свята прыгажосці і грацыі ўсім удзельніцам мерапрыемства па-дзякавала намеснік генеральнага дырэктара па персаналу, сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце РУВП “Граніт” Маргарыта Сераокая. Яна ж уручыла кожнай працаўніцы сертыфікаты на аздараўленчыя SPA-працэдуры ў санаторыі «Світанак». Тытула «Міс Эрудыцыя» ўдастоена Эрыка Дземідовіч, якая таксама адзначана каштоўным падарункам Мікашэвіцкага гарвыканкама за ролю Мухі-Цакатухі. Высока ацаніла  журы творчыя здольнасці Наталлі Навіцкай: яна ж сабрала максімальную колькасць сімпатый гледачоў. Самай абаяльнай прызнана Юлія Сукач, а грацыёзнай – Эма Цубер. Магіяй зачаравання валодае Таццяна Падамацкая. Перасягнулі ўсіх: элегантнасцю – Алёна  Ярмоліч, фантазіяй – Анастасія  Семяновіч. Другой віцэ-міс стала Святлана Сярэдзіч. Званне «Першая віцэ-міс» прысуджана Таццяне Раковіч. А яшчэ мама траіх дачок адзначана прызамі прафкама РУВП «Граніт» і магазіна «Нью-смарт». Тытул «Міс «Граніт» заваявала Вольга Сакалова, якую адной з першых павіншавала ўладальніца аналагічнай кароны-2013 Алёна Рупічава.

У гэты дзень было яшчэ шмат цёплых слоў і падарункаў. Але, мабыць, галоўнымі з іх былі кветкі ад кіраўніцтва і калег, сяброў, родных і проста знаёмых. Шыкоўныя букеты або простыя кампазіцыі служылі самым лепшым упрыгожваннем «гранітаўскім» прыгажуням.

 

Добавить комментарий

Будьте корректны в своих комментариях


Защитный код
Обновить


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter