МІКАШЭВІЦКАЯ ГАРАДСКАЯ БІБЛІЯТЭКА: СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ
Мікашэвіцкая пасялковая бібліятэка была арганізавана ў складаны пасляваенны час і вядзе свой летапіс з 1946 года. Некалькі стэлажоў з кнігамі ў парткабінеце мясцовага Савета – такой была першая бібліятэка ў Мікашэвічах. Кнігі выдавалі работнікі парткабінета. Але фонд папаўняўся хутка. За няпоўных 2 гады ён папоўніўся настолькі, што калі 1студзеня 1948 г. бібліятэку ўзначаліла маладая выпускніца культасветвучылішча Клеўжыц Алена Ягораўна, пад бібліятэку было адведзена асобнае памяшканне. З успамінаў Алены Ягораўны: “Мяне назначылі загадчыцай бібліятэкі. Працавалі мы ўдваіх з Зайцавай Лідзіяй Яфімаўнай. Фонд бібліятэкі налічваў дзве з паловай тысячы выданняў. Бібліятэка займала адно памяшканне для абслугоўвання чытачоў і яшчэ адно – кнігасховішча”.