Памяці У. І. Нядзведскага прысвячаецца ...

17 кастрычніка 2017 года ў сценах гімназіі адбылася літаратурная  вечарына ў гонар памяці У. І. Нядзведскага, чыё імя носіць наша навучальная  ўстанова з 2005 года. Вядучыя мерапрыемства (Царык Паліна і Лунцэвіч Максім, вучні 11 класа) у вершаванай форме напомнілі ўсім асноўныя старонкі біяграфіі пісьменніка-земляка. Біяграфічныя звесткі пра творцу дапоўнілі вершы Уладзіслава Іосіфавіча ў выкананні навучэнцаў гімназіі: Скакалкіна Яраслава (7 клас), Корнева Ягора  (8 клас), Войткуса Івана (5 клас). Гледачы асабліва цёпла ўспрынялі песню на словы Нядзведскага "А спаткання няма", якую вучні 10 класа Пуцель Анастасія і Цярэня Уладзімір самі паклалі на музыку.

Па добрай традыцыі, навучэнцы, якія праявілі сябе ў літаратурнай дзейнасці, былі ўзнагароджаны граматамі і салодкімі падарункамі. У дадзеным навучальным годзе граматамі гімназіі былі адзначаны Насовіч Аліна (10 кл), Кароткая Мілена і Баязітава Дар'я (7 кл), а прэмія імя У. І. Нядзведскага ўручана дзесцікласніцы Пуцель Анастасіі. Граматы і грашовую  прэмію пачынаючым літаратарам уручылі госці гімназіі. У гэтым годзе да нас завіталі :    паэт, драматург, публіцыст, крытык і перакладчык Анатоль Ільіч Вярцінскі, знакаміты фотамастак і паэт Георгій Леанардавіч Ліхтаровіч і паэт, перакладчык  Васіль Аляксеевіч Жуковіч, вядомы сваімі творамі для дзяцей.

Пазнаёміцца бліжэй з гасцямі пашанцавала вучням 4-га, 6-га і 9-га класаў. Да вучняў у 4 клас завітаў Васіль Аляксеевіч Жуковіч. Гімназісты- шасцікласнікі з цікавасцю слухалі вершы-"ліхтарынкі" Георгія Ліхтаровіча, а дзевяцікласнікі змаглі задаць свае загадзя падрыхтаваныя пытанні  Анатолю Ільічу Вярцінскаму.

Вялікую ўдзячнасць усім гасцям за праяўленую ўвагу да мерапрыемства выказаў дырэктар гімназіі С. П. Высоцкі. Акрамя сталічных гасцей, штогод наведваюць нашу установу і літаратары Лунінеччыны: Сцяпан Паўлавіч  Нефідовіч,  Вадзім Вітальевіч Жылко і Мікалай Антонавіч Ільючык.

Вучні і настаўнікі гімназіі вельмі ўдзячныя Людміле Васільеўне Несцяровіч (бібліятэчнаму дзеячу з Мінска), якая штогод дапамагае арганізоўваць літаратурныя сустрэчы, якія  далучаюць да беларускай мовы і літаратуры не толькі дзяцей, але і дарослых.

Такія творчыя сустрэчы даюць  магчымасць пачуць мілагучную  родную мову з вуснаў вядомых беларускіх пісьменнікаў сучаснасці, набыць кнігі з аўтографамі аўтараў.

На памяць пра вечарыну  засталіся не толькі ўражанні, але і сумесныя фатаграфіі з удзельнікамі сустрэчы. 

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий. Сообщения могут оставлять зарегистрированные пользователи сайта или просто отправьте свой комментарий через вкладки социальных сетей.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter