Са шчырай цікавасцю

У любой краіне ёсць пісьменнікі, якія па той ці іншай прычыне не карыстаюцца чытацкай увагай. Да пачатку двухтысячных гадоў менавіта да такіх, амаль забытых, можна было аднесці і Уладзіслава Нядзведскага.

— Наша ўстанова была адкрыта ў 1999 годзе, — расказвае дырэктар Мікашэвіцкай гімназіі імя У. І. Нядзведскага Сяргей Высоцкі. — У першыя гады яе існавання ў педагагічным калектыве ўзнікла ідэя ўвекавечыць памяць нашага земляка, пісьменніка Уладзіслава Нядзведскага, які трагічна загінуў у 70-я гады мінулага стагоддзя, і прысвоіць яго імя гімназіі.

У 2005 годзе, разгледзеўшы хадайніцтва Лунінецкага райвыканкама, Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб прысваенні Мікашэвіцкай гімназіі імя паэта і празаіка.
Уладзіслаў Іосіфавіч у пасляваенныя гады выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Мікашэвічах. На літаратурную твор-

часць яго натхніў Якуб Колас — народны паэт у 1947 годзе прыязджаў на сустрэчу са сваімі выбаршчыкамі.

На ёй пабываў і юны Уладзіслаў. Пазней ён скончыў філалагічны факультэт БДУ, быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Яго літаратурная спадчына — гэта каля дзясятка кніг прозы і паэзіі, якія па сёння карыстаюцца попытам у чытачоў, з цікавасцю вывучаюцца літаратуразнаўцамі.

Першы дзень памяці У. Нядзведскага адбыўся ўжо ў 2002 годзе, 17 кастрычніка — у дзень, калі пісьменнік

трагічна загінуў. За гэты час у Мікашэвіцкай гімназіі пабывала шмат творчых гасцей, у тым ліку Ніл Гілевіч,

Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Ліпскі, Генадзь Бураўкін, Віктар Казько, Леанід Дранько-Майсюк, Анатоль

Зэкаў, Уладзімір Мароз і іншыя.

Чарговы дзень памяці адбыўся зусім нядаўна. На гасцінную палескую зямлю завіталі пісьменнік, галоўны

рэдактар папулярнага выдання «Гаспадыня. Сямейны часопіс» Зіновій Прыгодзіч і паэт Васіль Жуковіч.

Па традыцыі знаёмства гасцей з установай адукацыі пачалося з сустрэчы з вучнямі малодшых і сярэдніх класаў. У 2–4 класы накіраваўся Васіль Жуковіч, а ў 5–6 — Зіновій Прыгодзіч. Творы Васіля Аляксеевіча

маюць моцны выхаваўчы патэнцыял, таму і ўключаны ў школьную праграму. А яшчэ ён аўтар многіх пазнавальных кніжак. Дзятва не толькі з захапленнем слухала розныя творы ў выкананні В. Жуковіча, але і вяла жывую размову з госцем. Надоўга запомніцца вучням і своеасаблівы ўрок з настаўнікам Зіновіем Прыгодзічам. Літаратар прадставіў многія свае кнігі. Аўтар заклікаў любіць і шанаваць свою малую радзіму і родную краіну, вывучаць і берагчы гісторыю Беларусі. А яшчэ параіў паважаць землякоў за іх працоўныя і баявыя подзвігі і невычарпальны талент. Бліц-апытанка, падрыхтаваная навучэнцамі, завершыла ўрок. Як адзначыў З. Прыгодзіч, яна ўразіла шчырай, жывой цікавасцю дзяцей да літаратуры, пытанняў грамадскага жыцця.

Мерапрыемствы ў гонар памяці У. Нядзведскага прадоўжыліся ў актавай зале гімназіі. Невялікая літаратурна-тэатральная пастаноўка нагадала гледачам малавядомыя старонкі з жыцця знакамітага зямляка, пазнаёміла з яго творамі. Зіновій Прыгодзіч і Васіль Жуковіч, да якіх далучыўся мясцовы краязнаўца Сцяпан Нефядовіч, чыталі свае вершы, прыгадвалі сустрэчы з таварышам па цэху.

Прыемна заўважаць, як на змену сённяшнім паэтам і празаікам растуць юныя таленавітыя творцы. Госці разам з дырэктарам гімназіі Сяргеем Высоцкім уручылі Ганаровыя граматы і салодкія прызы актыўным удзельнікам літаратурнага конкурсу імя У. І. Нядзведскага навучэнцам гімназіі Ксеніі Клімковай, Аліне Высоцкай і Аліне Жогаль. Пераможцай стала Міхаліна Хвесюк.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий. Сообщения могут оставлять зарегистрированные пользователи сайта или просто отправьте свой комментарий через вкладки социальных сетей.

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter