Віншуем пераможца заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару

Віншуем пераможца заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару

24 лютага 2021 года ў Нацыянальным інстытуце адукацыі прайшоў заключны этап рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбных предметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура».

Работа вучня 9 класа Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Войткуса Івана Аляксандравіча (кіраўнік - Войткус Вольга Аляксандраўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры) “Лексічныя адзінкі як сродкі стварэння слоўнай экспрэсіі (на прыкладзе паэзіі Людмілы Рублеўскай)” адзначана Дыпломам 3 ступені ў секцыі “Лінгвістыка”.

У бягучым годзе канферэнцыя праходзіла ў анлайн-фармаце, што выклікала многа хваляванняў як у вучняў, так і ў настаўнікаў. Неабходна было не толькі выкласці матэрыял работы коратка і дакладна (як гэта і было штогод), але і не разгубіцца перад экранам камп’ютара ў сітуацыях, калі ўзнікаюць невялікія тэхнічныя непаладкі і не заўсёды добра чуваць выступоўцаў або членаў журы. Таксама важным было адказаць на пытанні, якія задавалі кампетэнтныя ў лінгвістыцы члены камісіі: Валочка Ганна Міхайлаўна, Якуба Святлана Міхайлаўна, Караткевіч Ірына Іванаўна. У іх была нялёгкая задача: сярод 21 работы з розных рэгіёнаў Беларусі вылучыць толькі 9 самых лепшых.

У рабоце Войткуса Івана былі прааналізаваны асаблівасці ўжывання лексічных адзінак у паэзіі Людмілы Рублеўскай на аснове зборніка “Шыпшына для пані”(2007).

Творы гэтай пісьменніцы былі вылучаны невыпадкова. Людміла Іванаўна сёння з’яўляецца адным з самых вядомых на Беларусі пісьменнікаў-творцаў, што плённа працуюць і друкуюць свае творы для шырокага кола чытачоў. У ліпені 2020 года яна адзначыла свой 55-гадовы юбілей. Л.Рублеўская – рознабаковая творчая асоба, з’яўляецца паэткай, літаратурным крытыкам, журналістам і проста цікавай жанчынай. Яна лаўрэат шматлікіх конкурсаў. Творы Л.І. Рублеўскай перакладзены на дзясяткі моў свету, уключаны ў школьную праграму ў спіс твораў для дадатковага чытання. Сайт пісьменніцы, які размешчаны ў інтэрнэце, пазнаёміць сваіх наведвальнікаў з разнастайнай творчай спадчынай Л.Рублеўскай. Там можна знайсці не толькі асобныя творы і публіцыстычныя артыкулы, але і інтэрв’ю з пісьменніцай, дзе раскрываюцца яе творчыя задумы і памкненні.

У даследчай рабоце былі разгледжаны асаблівасці ўжывання сінонімаў, антонімаў, амонімаў, аказіяналізмаў, устарэлай лексікі і другіх адзінак лексікі ў паэтычных творах Людмілы Рублеўскай. Прадстаўлены і складзены паводле разгледжаных адзінак каляровы даведнік для навучэнцаў, які можна выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы, пры падрыхтоўцы да алімпіяд, для вывучэння беларускага слова, асаблівасцей яго функцыянавання. Даследаванне мовы твораў сучаснага аўтара – цудоўная магчымасць звярнуць увагу на мову паэткі-сучасніцы і праблемы духоўнага стану чалавека, якія яна раскрывае ў сваіх вершах.

У гэты дзень, па меркаванні журы, адбылося свята беларускага слова, якое сцвердзіла, што мовазнаўства – гэта не толькі цікавыя даследаванні, што былі ў вялікай колькасці прадстаўлены старшакласнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашай рэспублікі, але і магчымасць развіваць свае творчыя здольнасці.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий. Сообщения могут оставлять зарегистрированные пользователи сайта или просто отправьте свой комментарий через вкладки социальных сетей.