Дзеля росквіту малой радзімы

Урачы-тэрапеўты бальніц на перыферыі па праву лічацца людзьмі асаблівымі. Большасць з іх валодаюць незвычайнымі інтуіцыяй і цярпеннем у адносінах да пацыентаў. Яны павінны выдатна ведаць не толькі сваю справу, але і спецыфіку іншых накірункаў медыцыны, распазнаючы захворванні на самых ранніх стадыях. Прафесіяналізм у спалучэнні з уважлівасцю і дабрынёй дапамагаюць доктару хутчэй ставіць на ногі хворых. У гэтым упэўнена намеснік загадчыка філіяла №1 «Мікашэвіцкая бальніца» Вольга ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Вызначыцца з будучай прафесіяй дапамагла матуля Марыя Фёдараўна Дорц. Яна з ранняга дзяцінства мэтанакіравана фарміравала ў дачкі станоўчы вобраз урача, ненадакучліва распавядаючы ёй пра важнасць гэтай ня-простай справы. Паўплывала на выбар і тагачасная настаўніца хіміі Мікашэвіцкай СШ №2 Алена Скакун, якая адну з лепшых сваіх вучаніц бачыла ў сталым жыцці выключна ў белым халаце.

– Калі ў школьныя гады спачатку марыла звязаць будучыню, як і мама, з педагогікай, то да моманту атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі дакладна вызначылася – медыцына, – расказвае Вольга Мікалаеўна. – Адметна, што гэту прафесію ў той год выбралі яшчэ трое выпускнікоў нашай установы адукацыі. Двое з іх вярнуліся на Лунінеччыну. Андрэй Ганісеўскі цяпер узначальвае філіял №1, а Віталь Буневіч – рэаніматолаг Лунінецкай ЦРБ.

Нягледзячы на вялікі конкурс і тое, што залатой медалістцы-1995 прыйшлося паступаць на агульных умовах, Вольга Вайцяхоўская стала студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Успамінаючы той перыяд, яна адзначае, што дзякуючы глыбокім ведам, атрыманым у школьныя гады, не толькі без праблем вытрымала 4 уступных экзамена ў вышэйшую навучальную ўстанову, набраўшы 19 балаў з 20, але і лёгка ўлілася ў новы навучальны працэс.

– Мне заўсёды шанцуе на добрых людзей. На кафедры тэрапіі на 4 курсе выкладаў у нас выдатны педагог Юрый Саланенка. Ён проста ўлюбіў студэнтаў у будучую спецыяльнасць, навучыўшы не толькі сакрэтам прафесіі, але і лагічнаму прымяненню ведаў пры пастаноўцы правільнага дыягназу, – успамінае суразмоўніца. – Ён дапамог усвядоміць, што нават самае сучаснае абсталяванне не зможа замяніць чалавечы розум. Менавіта ад ведаў, майстэрства і прафесіяналізму ўрача залежыць, наколькі хутка ён з вялікага мноства захворванняў дыягнастуе ў пацыента адно, правільнае. А яшчэ навучыў узаемадзейнічаць з калегамі з іншых галін медыцыны, звяртаючыся да  іх за кансультацыямі.

Як канстатуе Вольга Мікалаеўна, навукова-тэхнічны прагрэс, уключаючы ахову здароўя, развіваецца вельмі хутка. Таму яна заўсёды ў курсе медыцынскіх навін праз літаратуру, публікацыі, інтэрнэт.

Падчас інтэрнатуры мая гераіня была ўрачом тэрапеўтычных аддзяленняў: спачатку – Лунінецкай ЦРБ, а затым – Мікашэвіцкай бальніцы. Калі ў першым выпадку праца пад кіраўніцтвам Іны Якаўлеўны Ханавец стала свайго роду праверкай атрыманых ва ўніверсітэце ведаў, то ў другім – замацаваннем іх на практыцы. Менавіта тады тагачасны загадчык тэрапеўтычнага аддзялення філіяла №1 Віталь Рыгоравіч Раманенка настаяў, каб яна, ужо ў якасці  маладога спецыяліста, пачала працоўны шлях на малой радзіме.

– У той перыяд урачоў нашага звяна катастрафічна не хапала,  –  расказвае Вольга Мікалаеўна. – Часу на роздум не было: мне адразу вызначылі палаты і адправілі ў самастойнае “плаванне”. Былі перыяды, калі адна заставалася на 50 ложкаў. Таму першы год работы стаў сапраўдным экзаменам на сталасць, вытрымку і прафесійную адпаведнасць.

А яшчэ ў 2008-ым паступіла ў Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі, дзе за 3 гады істотна павысіла сваю падрыхтоўку пад кіраўніцтвам вядомага прафесара Мар’яна Прыстрома.

Сёння В.М. Вайцяхоўская  сумяшчае работу ў тэрапеўтычным аддзяленні і дзённым стацыянары з абавязкамі намесніка загадчыка філіяла. Спраў шмат, таму працоўны дзень распісаны, у літаральным сэнсе, па хвілінах. Зрэшты, нягледзячы на напружаны графік, Вольга Мікалаеўна заўсёды ў добрым настроі, радуючы навакольных людзей шчырай, адкрытай усмешкай. У чым сакрэт абаяння маёй суразмоўніцы?

– Як і ў любога з нас, у мяне ёсць свае праблемы. Але, адпраўляючыся ў бальніцу, усё пакідаю за дзвярамі ўласнага дома, – кажа доктар. – Мы штодня кантактуем не проста з людзьмі. Хворы чалавек можа дазволіць сабе капрызнічаць, раздражняцца, патрабаваць павышанай увагі. Таму ў зносінах вельмі важны такт, карэктнасць і ветлівасць. Безумоўна, часам бывае вельмі няпроста. Але ўсе складанасці адыходзяць на другі план, калі бачу пацыентаў – зноў спакойных і ўпэўненых у заўтрашнім дні. Гэта – лепшая ўзнагарода. Імкненне атрымаць больш магчымасцей дапамагаць землякам і падштурхнула да імкнення стаць дэпутатам раённага Савета. Менавіта мясцовая вертыкаль здольна змяніць аблічча малой радзімы, а разам з ёю – і ўсёй Бацькаўшчыны. Менавіта на перыферыіі вырашаюцца хоць і не рэзанансныя, але вельмі важныя для простых людзей праблемы.

Аднавіць сілы пасля няпростага працоўнага дня дапамагае сям’я: зносіны з бацькамі, дачкой Дашай і сынам Кірылам. Мы з мужам і дзецьмі – дамаседы. А яшчэ – люблю кветкі, якіх шмат у пакоях дома, а ўлетку –  у двары.

 

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий. Сообщения могут оставлять зарегистрированные пользователи сайта или просто отправьте свой комментарий через вкладки социальных сетей.

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter