17 кастрычніка – Дзень памяці беларускага пісьменніка Уладзіслава Іосіфавіча Нядзведскага, імя якога носіць наша навучальная ўстанова. Напярэдадні гэтай даты ў гімназіі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя пісьменніку-земляку. Гэта конкурс «Намалюй афішу», квэст-гульня «Маладосць», а таксама традыцыйная літаратурна-музычная імпрэза.
Конкурс «Намалюй афішу» быў накіраваны на прыцягненне ўвагі шырокай аўдыторыі да мерапрыемства, прысвечанага Дню памяці У.Нядзведскага, да яго жыцця і творчасці. У конкурсе прынялі ўдзел вучні 2-11 класаў, але вучні пачатковых класаў аказаліся найбольш актыўнымі. Пераможцамі конкурсу сталі:
1 месца –Катовіч Кірыл
2 месца – Забабуха Вікторыя
3 месца – Высоцкая Аліна
15 кастрычніка была праведзена квэст-гульня «Маладосць», прымеркаваная да Дня памяці Уладзіслава Нядзведскага. У гульні прынялі ўдзел вучні 8 класа, якіяпавінны былі расшыфраваць твор Уладзіслава Іосіфавіча. Часткі шыфра дзеці маглі разгадаць падчас выканання заданняў на розных станцыях, а дапамагалі ім ў гэтым веды біяграфіі земляка і беларускай літаратуры ўвогуле. Вучні не толькі паспяхова справіліся з заданнямі, але і выдатна правялі час разам.
16 кастрычніка, як і штогод, у гімназіі адбылася літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная Дню памяці Уладзіслава Іосіфавіча Нядзведскага.
Вядучыя, вучні 9 класа Здановіч Анастасія і Войткус Іван, нагадалі прысутным цікавыя факты з біяграфіі пісьменніка-земляка.
У выкананні вучня 9 класа Тугумава Данілы і вучня 11 класа Пракаповіча Вадзіма прагучаў верш У.Нядзведскага “Размова з бацькам”. Пранікнёныя радкі гэтага твора і сёння перадаюць увесь боль і горыч ад перажытага ў час вайны, ад непапраўнай страты самых родных і блізкіх для паэта людзей.
Будучы асобай рознабаковага таленту, Уладзіслаў Нядзведскі працаваў і ў галіне сатыры і гумару. Ён з’яўляецца аўтарам зборніка сатырычных і гумарыстычных апавяданняў “Капронавыя галёшы”, выдадзенай у бібліятэцы часопіса “Вожык”. У выкананні вучаніц 7 класа Пернач Сафіі і Сушко Дзіяны прагучаў алегарычны верш “Кропля”, які высмейвае гультайства і пляткарства, што з’яўляецца актуальнай праблемай ва ўсе часы існавання чалавецтва.
Уладзіслаў Нядзведскі правёў юнацкія гады ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме і прысвяціў гэтаму перыяду свайго жыцця аповесць “Хлопцы з другога корпуса”. Увазе прысутных была прапанавана сцэнказ гэтага твора, у якім адлюстраваны момант знаёмства галоўнага героя Віці Ляўковіча з дырэктарам дзіцячага дома Мікалаем Пятровічам.
Творчая спадчына Нядзведскага не толькі дапамагае раскрыцца творчаму патэнцыялу вучняў, якія пачынаюць пробу пяра, а і натхняе гімназістаў на стварэнне музыкі на вершы Уладзіслава Іосіфавіча. Так у гэтым годзе ў выкананні вучняў 11 класа прагучалі песні на словы Уладзіслава Іосіфавіча “Грыбы” і “Я помню ўсё”.
Госці-пісьменнікі, што наведваліся да нас кожны год на літаратурныя сустрэчы, у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, не змаглі наведаць нашу навучальную ўстанову. Але традыцыйнае ўзнагароджванне граматамі імя У.І.Нядзведскага самых теленавітых вучняў усё роўна адбылося. Дырэктар гімназіі С.П.Высоцкі пасля ўрачыстых слоў у гонар У.Нядзведскага ўзнагародзіў граматамі і салодкімі падарункамі Баязітаву Дар’ю, вучаніцу 10 класа, і Кіслюк Дар’ю, вучаніцу 9 класа.
Штогадовая сустрэча, прысвечаная памяці нашага пісьменніка-земляка У.І.Нядзведскага, прайшла ў цёплай, нязмушанай атмасферы беларускага слова і беларускай песні. Будзем спадзявацца, што і далей гэтыя сустрэчы будуць дарыць натхненне, радасць і добры настрой усім прысутным.
Подробнее...