«Гранітаўскія» далягляды

Ёсць прадпрыемствы горадаўтвараючыя, а ёсць – горадаўтрымліваючыя. І ў гэтым сэнсе Мікашэвічам, безумоўна, пашанцавала. РУВП “Граніт” на чале з генеральным дырэктарам Эдуардам Гаўрылковічам ніколі не заставаўся ўбаку ад праблем землякоў. А ўлічваючы тое, што мінулы год быў для прадпрыемства плённым асабліва, планы на сёлетні дастаткова амбіцыёзныя.

Фінансавая пляцоўка для ператварэння іх у жыццё закладзена трывалая. Летась аб’ёмы выпуску шчэбеню істотна павялічыліся, а пастаўкі яго на экспарт выраслі ўдвая. Асноўным рынкам збыту па-ранейшаму застаецца Расійская Федэрацыя. Будаўнічы камень з нетраў Палесся ідзе таксама ў Літву і Латвію. Упершыню плануюць пачаць пастаўкі чыгуначнага шчэбеню ў Польшчу. Ад-крываючы для сябе новыя рынкі збыту, безумоўна, клапоцяцца пра марку “гранітаўскай” прадукцыі – уся яна сертыфікавана.

Мэтанакіравана ўкладваюцца грошы ў развіццё вытворчасці. Летась на гэтыя мэты накіравана больш як 65 мільярдаў недэна-мінаваных рублёў. Мадэрнізацыя працягваецца і сёлета. Тут працуюць ужо два новыя буравыя станкі, а неўзабаве аўтамабільны парк “Граніта” папоўніцца чатырма БелАЗамі. Тры магутныя машыны – грузападымальнасцю 90 тон і адна – 60.

Не спыняецца асваенне Сітніцкага месцанараджэння. Зараз сюды ўкладваюцца толькі сродкі прадпрыемства. Назіраць за тым, як у новым кар’еры чалавек спрабуе знайсці карысныя для сябе кропкі датыкання з прыродай, занятак захапляючы. Вялізны экскаватар (а побач працуюць яшчэ два меншыя) упэўненымі крокамі мерае падземныя гарызонты. Гранітаздабытчыкі ўжо дайшлі да скальнай пароды. Як і на Мікашэвіцкім, на новым кар’еры дадатковых клопатаў дадае моцнае абвадненне. Аднак змагацца з капрызамі балоцістага Палесся тут навучыліся даўно.

– Вядома ж, нас не можа не трывожыць спад у будаўнічай галіне краіны, – гаворыць Эдуард Гаўрылковіч. – У пэўнай ступені згорнута і дарожнае будаўніцтва, куды мы таксама пастаўляем шчэбень. Тым не менш, спа-дзяемся, што прадукцыя наша не застанецца без спажыўца. Зараз мэтанакіравана працуем над зніжэннем яе сабекошту і павышэннем канкурэнта-здольнасці, што дазволіць больш упэўнена адчуваць сябе, перш за ўсё, на знешнім рынку.

Стабільнасць магутнага прадпрыемства першымі адчуваюць яго работнікі. Сярэднія заробкі тут ужо дасягнулі планкі ў 500 долараў ЗША ў эквіваленце. Дакладна выконваюцца ўсе палажэнні Калектыўнага дагавора, які сярод аналагічных у галіне лічыцца самым сацыяльна накіраваным.

Фінансавае становішча “Гра-ніта” дабратворны ўплыў аказвае і на развіццё Мікашэвіч. Гараджане памятаюць, у якую казку ператварыліся вуліцы населенага пункта напярэдадні Новага года і Калядных святаў. Гэта – вынік не толькі матэрыяльных, але і творчых укладанняў работнікаў прадпрыемства. Многія з казачных фігур зрабілі мясцовыя майстры. Гэта заўважылі ў ста-ліцы. Адна з фірмаў, якая пастаўляла навагоднія гірлянды, была прыемна здзіўлена тым, якое незвычайнае прымяненне знайшлі іх прадукцыі гранітаздабытчыкі, і прысудзіла ім першае месца ў конкурсе эскізаў і ідэй. У якасці ўзнагароды – новы шыкоўны камплект вулічных навагодніх упрыгожанняў. А значыць, на будучы год Мікашэвічы набудуць да святаў яшчэ больш уражваючы выгляд.

Прыкладам крэатыўнага мыслення і такога ж падыходу да справы даўно стаў Палац культуры гранітаздабытчыкаў. Падрыхтаваныя творчым калектывам мерапрыемствы нязменна памятаюцца, пакідаючы ў сэрцах светлы след. Падтрымліваючы культуру, “Граніт” зрабіў шыкоўны падарунак гараджанам. Ужо закуплена неабходнае абсталяванне для адкрыцця кінатэатра, пад які будзе прыстасавана глядзельная зала Палаца. Плануецца абсталяваць і невялікую, але прафесіянальную студыю гуказапісу.

Пляцоўка перад Палацам культуры мэтанакіравана ператвараецца ў месца для выдатнага адпачынку. Усталяваныя на адкрытым паветры стараннямі горада-ўтвараючага прадпрыемства трэнажоры вабяць сюды і дзяцей, і дарослых. У планах – абсталяванне дзіцячага забаўляльнага комплексу і, вядома ж, аднаўленне работы кафэ, у якім будзе прыемна пасядзець з малышамі, бо спіртным тут гандляваць не будуць.

Невялікая ўяўная экскурсія па Мікашэвічах з генеральным дырэктарам РУВП “Граніт” Эдуардам Гаўрылковічам прывяла да ведамаснага санаторыя “Світанак”.

– Установа стратная, – працягвае свой расказ Эдуард Генадзьевіч. – Тым не менш, сёлета вырашылі адмовіцца ад чарнобыльскага аздараўлення, за кошт якога трымаюцца на плыву многія здраўніцы, і поўнасцю аддаць санаторый работнікам “Граніта”. Тут выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, якая пастаянна абнаўляецца. Штогод спектр прапаноўваемых аздараўленчых паслуг папаўняецца сучаснымі і запатрабаванымі працэдурамі. На тэрыторыі ўстановы плануем абсталяваць яшчэ адну трэнажорную пляцоўку на адкрытым паветры. Спадзяемся, у недалёкім будучым “Світанак” стане выдатным месцам для дабратворнага сямейнага адпачынку.

Аутар Лунiнецкiя навiны

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий. Сообщения могут оставлять зарегистрированные пользователи сайта или просто отправьте свой комментарий через вкладки социальных сетей.

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter